Падарожжа Глыбокае - Удзела - Мосар - Дунілавічы - Лучай - Паставы - Камаі

Назад Домой
Upper bar

Жнівень 2001 года.

На ўезьдзе ў Глыбокае нас сустрэў самалёт СУ - помнік авіяканструктару Сухому. Знакаміты савецкі авіяканструктар тут нарадзіўся.
Kасьцёл Сьвятой ТройцыНа ўтульнай плошчы з фантанам дзьве бажніцы: адна супраць другой. Адных прыкладна часоў. Абедзьве - прыгожае барока канца 18 стагоддзя. Але лёс іх зусім розны. Каталіцкі касьцёл Сьвятой Тройцы прыгожы, дагледжаны з маленечкім, лялечным садком, у якім разнастайныя кветкі і расьліны, брукаваная сьцяжынка, гном і грыбок - усё гэта метрах на 10 паміж будынкам і агароджай. Былы кармеліцкі касьцёл i кляштар (справа)Пафарбаваны касьцёл ў прыгожыя колеры, дагледжаны. Людзі сьвяточна апранутыя, твары нейкія спакойныя, гожыя. Насупраць былы кармеліцкі кляштар і былы касьцёл, які пераданы праваслаўным пасля паўстання Кастуся Каліноўскага. Архітэктурна вельмі цікавы, вялізны, на мой погляд, нашмат больш велічны за касьцёл Сьвятой Тройцы, але атынкоўка абсыпалася, будынак кляштара зусім у дрэнным стане. Пры ўваходзе нейкія людзі,выглядаючыя на бамжоў, просяць грошай. Іншыя наведвальнікі выглядаюць так, быццам у іх ва ўсіх гора і бяда. На тварах ні разважаньня, ні спакою, не гаворачы ўжо пра радасьць. Як быццам, у гэтым невялічкім горадзе два сусьветы існуюць насупраць адзін аднога. Ці гэта толькі па нядзелях?

Але і ў такіх варунках былы кармеліцкі касьцёл і кляштар вельмі мяне ўразілі і вельмі самі па сабе спадабаліся.

Ад былога кляштара пайшлі на могілкі Коптеўка. Пэўна, ў мінулы час яны прылягалі да тэрыторыі кляштара, бо зараз сучасныя дамкі аддзяляюцца ад могілак рэшткамі нейкай старой агароджы. Бачылі слуп ў гонар Канстытуцыі 3 траўня, надмагільлі 19 стагоддзя. Рэстаўрацыя касьцёла на могілках даўно спыненая, ён зачынены. На ўскрайку некалькі радоў пахаваньняў польскіх жаўнераў, датаваных лістападам 1920 году. На выезьдзе з Глыбокага спыніліся каля былога базыліянскага кляштара ў Беразвеччы. Ад карункавага цуда, які я бачыла на фотаздымку Балзункевіча, вядома, нічога не засталося. Ня буду ўжо і казаць, як сьціскаецца сэрца ад незваротнасьці страчанага, ад таго - колькі страчана! У падарожжах па Беларусі - гэта няспынны матыў і няспынная туга.
Бачылі кавалак барочнай сьцяны кляштара. Паўсюль калючы дрот, жаўнеры з аўтаматамі, сабачы брэх. Турма, як завялося яшчэ пры паляках. Было неяк страшнавата, то мы хутчэй паехалі далей.

Удзела - маленькая вёска. Але касьцёл вялікі, з-за пазьнейшых перабудоў спалучае рысы барока і клясыцызму. Ад былога францысканскага кляштара застаўся адзіны будынак - зараз, падобна, плябанія. Вакол касьцёла і каля плябаніі - усюды прыгожыя кветкі. Зьлева ад касьцёла пабудавана капліца, прысьвечаная крыжоваму шляху Хрыста. Не проста капліца, а як бы гісторыя гэтага ўзыходжаньня, сцэны з яго. З касьцёла пасьля службы разыходзіліся прыхаджане, была група падлеткаў, якіх невялічкі аўтобус прывёз ці то на службу, ці то на экскурсію.

Касьцёл Сьв. ГанныДалей па звычайнай грунтоўцы даехалі да Мосара. Вёска вялікая. Праехалі больш за палову, пад'язджаем да касьцёлу і тут вачам адкрываецца такі краявід, што сьцяла дыханне і нельга знайсьці слова, якое да гэтага відовішча падыходзіла б. Вялізны пляц павольна ўздымаецца да касьцёла Сьв. Ганны. І весь гэты пляц выглядае для Мосара , як Вэрсаль. Ангельскі газон, падстрыжаныя безумойна мастаком- дызайнерам кусты, гарбатыя масткі з агароджай над маленькімі возеркамі, у якіх не толькі белыя лілеі - ружовыя і жоўтыя лотасы і маленькі херувімчык трымае залатую рыбку, з якой струменіць вада. Альтанка са скульптурамі. Дрэвы, кветкі, расьліны - патрэбны тлумачэнні, як быццам у батанічным садзе. Не ведалі, дзе лепей сфатаграфавацца, такія экзоты сустракаліся. У самім касьцёле паглядзелі мошчы Сьв. Юстына. Ксёнз раздаў маленькія абразкі. Спытала, хто ж гэта ўсё зрабіў, адказаў -усе разам. Параіў паглядзець дзіцячыя пляцоўкі за касьцёлам, алеі розных дрэў, пруды, могілкі, на якіх пабудавана 14 капліц. Побач з касьцёлам манашка распавядала нешта дзеткам на прыгожай чыстай беларускай мове. Паглядзелі ўсё, што нам параілі. Уражаньні вялікія. Гэткі куточак Эўропы паміж грунтовак Глыбоччыны.

Па дарозе да Дунілавіч пабачылі стары (19 стагоддзе) вадзяны млын. Зараз працуе ўжо з дапамогай электрычнасьці, але бачны і старыя прыстасаваньні, рачулка толькі ўжо зусім зьнямоглая - кола не паверне.

Касьцёл у ДунілавічахКасьцёл у Дунілавічах - гэта такое цудоўнае, "сьпеўнае", як казаў Караткевіч, барока, асабліва, калі падысьці здалёк і збоку! На фотаздымках, на мой погляд, знойдзены выдатны ракурс.

Касьцёл у ЛучаіЗусім іншы касьцёл у Лучаі. Класіцызм. На фасадзе - гадзіньнік. Дагледжаны, вялікі.

Ужо пад вечар прыехалі ў Паставы. Царква ў псэўдарускім стылі была зачынена. У касьцёле Сьв. Антонія Падуанскага ішла вечаровая служба , мне здалося, на беларускай мове. Касьцёл пабудаваны на пачатку 20-га стагодьдзя у стылі неаготыкі. Увесь цягнецца тонкімі чырвонымі шпілямі і вежачкамі проста ў неба і вялізная белая постаць Сьвятога Антонія Падуанскага над уваходам раскінула над намі рукі сустракаючы, баронячы і бласлаўляючы. Касьцёл прыгожа паўстаў на беразе возера.

Касьцёл Сьв. Антонія ПадуанскагаВыязджаючы з Пастаў, бачылі палац Антонія Тызенгаўза, чалавека, які так шмат зрабіў для нашай краіны ў канцы 18 стагоддзя, дзеля яе навуковага і прамысловага разьвіцьця і, безумоўна, пярэдзіў свой час. Зараз тут лякарня. Брат Антонія Тызенгаўза ў 18 ст. заснаваў у Паставах арніталягічную станцыю.

Апошняя кропка падарожжа - Камаі. Старадаўні помнік абарончага дойлідства (1603 год) з магутнымі вежамі і сьценамі, у якіх мы пабачылі каменныя ядры, яны застаюцца ў гэтых мурах вось ужо 3 стагоддзі. Ўвогуле чужая вайна Расіі са швэдамі, як і шматлікія чужыя войны, якія так падабалася весьці на нашых землях іншым краінам, пакінула сьлед на мурах старадаўняга Камайскага касьцёлу. Іншыя і сьлядоў не пакідалі - толькі руйнавалі і зьнішчалі. У парку перад касьцёлам бачылі старадаўні каменны крыж. Каля яго - чародку падлеткаў на роварах, з імі сярэдняга веку настаўнік, якія, пэўна едучы ў паход (намёты і рукзакі), завіталі ў гістарычную мясьціну.

Падлеткі ва Ўдзеле і Камаях, ашаламляльны Мосар, стары млын, працуючы ў новым часе, можа і не ўсё так безнадзейна ў нашай краіне, як здаецца ў Беразвеччы?!


Кастрычнік 2001 годаМарына Зыкава, фотаздымкi аўтара

Bottom bar
Домой!