Ва ўсходнім напрамку

Назад Домой
Upper bar

Экскурсійны сезон 2002 году распачаўся ў нас вельмі рана, у лютым. На гэты раз мы ехалі ва ўсходнім напрамку. Шчыра кажучы, кожны год мы не аднойчы ездзім у Быхаў, бо там жывуць родныя мужа, але распрацаваць маршрут было вельмі цяжка - у гэтых мясьцінах зруйнавана і спляжана амаль ўсё: чысьцютка, раўнютка, ніякай гісторыі, чысты аркуш, усё пачалося ўчора. Але добра пашукаўшы, што-небудзь ды знойдзеш.

Былая ўніяцкая царква (1792-94 г.) пры базыліянскім кляштарыУ 40 км ад Менску ў напрамку Магілёва знаходзіцца Лядскі мужчынскі праваслаўны манастыр. Дзеючы. Тэрыторыя прыводзіцца да ладу. Жылы корпус сярэдзіны 19 ст. яшчэ не вельмі дагледжаны, а царква адрэстаўраваная. Безумоўна, будаваўся гэты храм як уніяцкі (1792-94 г.) пры базыліянскім кляштары. Праваслаўныя крыжы над сьціплым барока глядзяцца дзіўнавата.

Яшчэ праз паўсотні кіламетраў ёсць вёска Багушэвічы, тут быў маёнтак Свентаржэцкіх. Адзін з прадстаўнікоў знакамітага роду Баляслаў Свентаржэцкі - паўстанцкі камісар Менскай губерніі ў 1863 годзе. За ўдзел ў кіраўніцтве паўстаннем Каліноўскага палац Свентаржэцкіх у Багушэвічах быў спалены па загадзе Мураў’ёва. Выпадак нетыповы, бо звычайна маёнткі і маёмасць проста прыўлашчваліся. У гэтай гісторыі неяк замяшана цьмяная справа з забойствам праваслаўнага сьвятара Данілы Капанасевіча.

Фамільная капліца - пахавальня Свентаржэцкіх - у БагушэвічахАд прыгожага палацавага ансамбля засталася толькі фамільная капліца - пахавальня Свентаржэцкіх у стылі несапраўднай готыкі (сярэдзіна 19 ст.). Гэта вельмі рамантычная каталіцкая капліца завяршала парадны курданёр палаца. Пабудавана яна на месцы старажытнага гарадзішча, што бачна і сёньня, на вельмі высокім і стромкім беразе ракі Усы ў кутку былога парка (засталося колькі старых дрэў). Ідзе рэстаўрацыя.

Касьцёл Сьвятога Мікалая: былога кляштара дамініканцаўНаступны прыпынак ажно за Бялынічамі (як шкада ўзарванага ў 60-я гады велічнага і прыгожага кармяліцкага касьцёла!), яшчэ праз 50 км у вёсцы Княжыцы. Заехалі туды паглядзець касьцёл Сьвятога Мікалая былога кляштара дамініканцаў, фундатарам якога быў надворны харунжы ВКЛ Канстанцін Пац. Касьцёл асьвячоны біскупам Богуш-Сестранцэвічам у 1780 годзе. Колькі год таму фотаздымак гэтага вялікага баракальнага касьцёлу трапіў мне на вочы ў часопісе “Спадчына” і чымсьці вельмі ўразіў (я ў тыя часы яшчэ мала бачыла нашых касьцёлаў). Рыштаванняў амаль не было, а было нешта такое тужлівае ў гэтым волаце, які ўзьняўся над наваколлем проста ў сіняе неба, а зрушыць з месца не можа, не можа гожа пакінуць край, дзе спазнаў і, калісьці, веліч і сёньняшняю зьнявагу. Такая туга ў ягоных вачах! Бачна, што нехта спрабаваў ратаваць яго - знутры будынак спрэс у рыштаваньнях ад падлогі да высачэзнай столі, але зараз усё кінута, рэстаўрацыя скончылася не пачаўшыся. Шмат на Беларусі руінаў, але гэты касьцёл мне чамусьці асабліва шкада, як састарэлага ўсімі кінутага і забытага ваяра.

Праехалі ад Магілёва да Быхава па правым беразе Дняпра. Але нічога ня бачылі ані ў Буйнічах (акрамя сучаснага мемарыяльнага комплексу з капліцай, танкамі і гарматамі часоў Вялікай Айчыннай), ані ў Баркалабаве, ані ў Дашкаўцы. А гэта ж мясьціны, дзе было шмат праваслаўных манастыроў, дзе пісаўся славуты Баркалабаўскі летапіс (між іншым на беларускай мове) пачатку 17-га стагодьдзя! Такія славутыя сівыя мясьціны, а засталіся толькі словы, толькі назвы.

Быхаўская сінагога - самая старая з захаваўшыхся на Беларусі - пачатак 17 ст.Быхаўская сінагога - самая старая з захаваўшыхся на Беларусі - пачатак 17 ст. Гэта збудаванне ў стылі позьняга рэнесансу з рысамі абарончага дойлідства (заходняя круглая вежа з байніцамі, шмат якіх з цягам часу было замуравана) час не бярэ. Бачу яе ўжо гадоў 20 і яна не вельмі зьмяняецца. А ў 17 ст. разам з замкам Хадкевічаў, а потым Сапегаў, адыгрывала вялікую абарончую ролю пры казацкіх аблогах. Цікавая акалічнасць з назвамі: і сёньня ёсьць у Быхаве рэчка (ручай) Сапяжынка, сапяжынскі мост, за ім вёска Сапяжынка. Неяк пашчасьціла трапіць унутар, дык пабачылі даволі добра захаваўшуюся ў цэнтры залі біму (2-ярусная трыбуна, абмежаваная 4 слупамі), а таксама прыямак каля сьцяны, што насупраць увахода. Гавораць, што гэта быў ход пад Дняпром. У 50-я гады (у будынку было сховішча кансэрвавага заводу) мужаў бацька бачыў уваход некуды на гэтым месцы. Зараз завалены.

Драўляная Троіцкая сярэдзіны 19 стагодьдзя ў БыхавеУ пачатку 20-га стагодьдзя ў Быхаве былі касьцёл, мураваная і драўляная цэрквы, некалькі невялікіх цэркваў (проста зруб і крыж на вільчыку). Сёньня захавалася толькі драўляная Троіцкая сярэдзіны 19 стагодьдзя. Знутры цікавая высокая паўкруглая драўляная столь.

Вось гэта і ўсё, што атрымалася знайсьці на досыць вялікім (прыблізна 280 км) шляху. Праўда сам Магілёў не аглядалі, а там ёсьць што паглядзець. У жніўні збіраемся яшчэ далей на Ўсход да Мсьціслаўля. Будзем шукаць.


Чэрвень 2002 годаМарына Зыкава, фотаздымкi мужа

Bottom bar
Домой!