Вясновае падарожжа 2001 года

Назад Домой
Upper bar

30 красавіка а 9-й раніцы адправіліся ў чарговае падарожжа. Па берасцейскай шашы вельмі хутка (недзе а палове на 11-ю) былі ў Бярозе (Картузскай). Па дарозе цікавым было, мабыць, толькі возера каля Дзяржынска, вакол якога сядзелі плячо ў плячо рыбакі і чакалі карасікаў.

На самым ускрайку Бярозы новы, пабудаваны ў 1998 годзе касцёл у стылі неарэнесансу. Уразіла сваёй прыгажосцю Петрапаўлаўская царква. Пэўна, толькі перебудавана, ці збудава наноў, бо зусім не падобная да сваіх апісанняў і фотаздымкаў.

Трохі паблукаўшы, запытаўшыся дарогі (жанчына ведала кляштар і ня ведала «монастырь картезианцев» пад’ехалі да кляштарнай брамы. Побач прытулілася вайсковая частка,захаваліся : палац, трапезная, рэшткі вежы сапегаўскага касцёла, мур і брама. Усе ў заняпадзе.

Далей накіраваліся ў Косава. Патрапілі ў Троіцкі касцёл(неараманскі стыль 1878г), хаця службы не было. Прыемная маладая жанчына дазволіла ўсе агледзець, узняцца на хоры, Яўген граў на аргане. Арган механічны і, каб быў гук, трэба каб нехна націскаў на педаль вялізных драўляных мяхоў. Пабачылі ключы ад касцёла, вялізныя сантыметраў 20 – 25, старыя. Касцёл прыбраны, захоўваецца метрыка Касцюшкі, у алтары стары абраз Маці Божай Міласьцівай 1640года у срэбных шатах. Жанчына ветлівая і добразычлівая, пакінула прымнае ўражанне.

Косаўскі палацНе адразу, але знайшлі дарогу да Косаўскага палаца Пуслоўскіх. Перад ім камень на месцы сядзібы Касцюшкаў (Мерачоўшчына). Палац уразіў памерамі, прыгажосцю і запусьценнем. Муры спрэс запэцканы прозьвішчамі наведвальнікаў. Навокал лес падступае да палаца і хавае ўсю панараму. Але гэты твор пачатку 19 ст. яшчэ можна было б уратаваць, хаця б да нейкай ступені. Чаго нельга сказаць пра палац Сапегаў у Ружанах (Наш беларускі Парфенон, як казаў Караткевіч) Велічныя разваліны: па плошчы, па архітэктуры, па незваротнасці. Вось хто пасьпее, той пабачыць, а ўратаваць, на мой погляд, немагчыма.

У былым базыліянскім кляштары зараз дзіцячы турыстычны клюб, былая ўніяцкая , а з канца 19 ст. праваслаўная царква вялікага ўражання не пакінула. Насупраць касцёл у стылі позьняга Рэнесансу канца 16 стагоддзя, дагледжаны. Выпадкова пабачылі сінагогу, бо ніякіх зьвестак аб ёй у мяне не было (і пакуль няма). Зараз яна на тэрыторыі аутабазы. Ахоўнай дошкі я ня бачыла. Будынак яшчэ магутны. Барока. Пэўна, 17 ст., бо падобна да Слонімскай стнагогі. Увогуле Ружаны мне спадабаліся. Асабліва цэнтар мястэвча, бо менавіта выглядае на мястэчка.

Па дарозе ў Зэльву спыніліся (незапланавана) у вёсцы Івашкавічы. На ўскраіне, на высокім адхоне стаяць рэшткі царквы (бо ў канцы 19 ст. тут была царква), а побач з зямлі тырчыць некалькі дзясяткаў камянёў, на адным з іх ледзь бачны крыж, астатнія без нічога. Потым я высьветліла, што гэта так званыя каменныя магілы 17 – 1-й пал. 19 ст. Наогул такія магілы сустракаюцца ў Нёманска-Вілейскім міжрэччы і ў памежныж раёнах Літвы, Польшчы, Расіі. Датуюцца 13-17 ст. Маюць зверху 1-2 рады камення. Мабыць, гэта пахаванні яцьвягаў. Іншая версія – гэта вынікі славянскай каланізацыі края.

На ўскрайку Зэльвы пайшлі на могілкі, дзе пахаваны Ларыса Геніюш і яе муж. Жанчын, якія паказалі нам магілу, не зьдзівіла нашае пытанне і магілу яны ведаюць. На магіле – вялізны валун, на дзьвух надмагільных плітах – вершы Геніюш. Ляжаць кветкі, цукеркі, сьвечкі. Пэўна на Вялікдзень прыходзіў нехта. Яшчэ ў Зэльве даволі прыгожы касцёл у неараманскім стылі (1913 г.). Тут мы набылі некалькі часопісаў “Ave Maria”. Проста паклалі грошы (маленькія) і ўзялі часопісы, ніхто ня сочыць. Часопісы даволі цікавыя, добра выданы. Прыемна. Паўсюль прыбрана, пасаджаны кветкі.

У Дзярэчыне глядзець асабліва няма чаго, толькі распавядаць пра былую веліч палацу Сапегаў. Царква не вельмі выразнага псэўдарускага стылю. Перад ёй праваслаўны і каталіцкі крыжы. За касцёлам (неаготыка, 1913 г.) цікавыя могілкі. Не вельмі дагледжаныя, няма агароджы, пахаванні і старыя, і сучасныя, вялізныя таполі, некаторыя павалены, крумкачы. Але цікавая магіла Гампера, удзельніка вайны 1812 года. Пліта з тэкстам мармуровая, вакол агароджа з мэталічных ланцужкоў, прыступкі. Ёсьць і іншыя старыя пахаванні.

Сынковіцкая царкваАпошняй кропкай маршруту ў гэты дзень былі Сынковічы. На ўскрайку вёскі, вакол старыя дрэвы. Помнік адрамантаваны і дагледжаны. Прыгожая царква – крэпасць сустракае свае шостае стагоддзе. Яўгену муры апсідаў падаліся цеплымі, як быццам захавалі сонечныя дні пяті стагоддзяў.

Недзе а восьмай уладкаваліся ў Слоніме ў гатэль “Шчара”. Адміністратарка была вельмі зьдзіўлена экскурсійнай мэтай нашага прыбыцця. Пакаментавала: «У каждого свои причуды».

Вечар скончыўся вячэрай і чытанкай з “Жывапіснай Расіі” Кіркора (т.3 Беларусь і Літва) пра Слонім, Агінскага (Міхала Казіміра), Сапегаў і іншае.

Наступнай раніцай мы рушылі аглядаць Слонім. Па-першае, зайшлі у касцёл прі кляштары бернардзінак. Уваход у яго збоку, бо да вуліцы ён зараз звернуты апсідай. Знутры вельмі багата аздоблены скульптурамі з бела-ружовага стуку, шмат прыгожай лепкі, але цёмна. Манашка, што навучала ў гэты час дзетак, пацікавілася, ці мы на экскурсіі, прапанавала пакінуць запіс у гасьцявой кнізе, што Жэня і зрабіў. На разьвітанне кожнаму раздала каляровы абразок Маці Божай Беззаганнай-Пераможнай (апякункі касцёлу) з малітвай на беларускай мове. Размаўляла з моцным польскім акцэнтам.

Пасля падышлі да сінагогі 17 ст. Яна зараз на рынку, спрэс у палатках. Разбураецца патроху і недагледжана,але сам будынак моцны і “ахоўваецца дзяржавай”. Ідучы па горадзе шмат сустракалі дамоў 19 і пяч. 20 ст ў псеўдарускім “цагляным” стылі.
Па вуліцах даволі блытанага малюнка падышлі да касцёла і кляштара бернардзінцаў. З 1864 году касцёл аддалі пад Троіцкую царкву. Але звонку пра царкву нагадвае толькі праваслаўны крыж. А так велічны храм у стылі рэнесансу, магутная вежа якога выкарыстоўвалася ў абарончых мэтах. Далей бабінца мы не пайшлі, бо жанчыны былі ў штанах, а гэтага нельга. Паглядзелі праз дрэнна пафарбаваныя дзьверы са шкельцамі на іканастасы, пастаўленыя наперадзе ляпных касцёльных алтароў.

Kасцёл  сьвятога АндрэяПраз канал Агінскага прайшлі ў зарэчную частку горада да касцёла сьвятога Андрэя. Барока апошняй чвэці 18 стагоддзя, як заўсёды непаўторна прыгожа і звонку, і знутры. Навокал шмат кветак, пасаджаны розы.
На сьцяне вісіць мемарыяльная дошка ў гонар Пятра Скаргі, першага рэктара полацкага іезуіцкага калегіюма. Чаму тут – пакуль не ведаю. У навакольных садках цьвітуць вішні.

Пад гукі вайсковага марша (1-е траўня) мы пакінулі Слонім, безумоўна, не пабачыўшы ўсіх цікавасьцяў.

Жыровіцкі архітэктурны комплекс былога базыліянскага, а зараз праваслаўнага кляштара вельмі ўражвае сваей цэласнасцю. Ва Успенскім саборы людзей было няшмат гэтым разам. Знутры надпісы на рускай мове аб тым, што размаўляючыя ў храме будуць пакараны Госпадам. У дворыку шмат манахаў ў чорных строях, ад гэтага рабілася ніякавата. Заехалі да драўлянай Георгіеўскай царквы, што на гары, на могілках. Захавалася шмат магіл 19 ст. з мармуровымі помнікамі. Каля самай царквы стаіць чыгуннае надмагілле, на якім з чатырох бакоў зроблены надпісы, прачытаць здолелі не ўсе. Потым пад’ехалі да сьвятой крыніцы. Да купальні была чарга.

Зноў праз Слонім паехалі шукаць сядзібу буйнога прамыслоўца Пуслоўскага “Альбярцін” 1-й паловы 19ст.

Захаваліся палац і флігель. Стайня пачатку 20 ст. ў стылі мадэрн рамантуецца, галавы каня над уваходам няма. Парк і возера у добрым стане.

Перадапошні прыпынак – Сноў. Мястэчка добрае, забудова ў цэнтры і сапраўды не зусім звычайная, бачна праца архітэктараў: дамы рознакаляровыя і рознапавярховыя. На ускрайку касцёл з не зусім прапарцыянальнымі постацямі сьвятых на фасадзе. За ім у далечыні ўбачылі палац Рдтултоўскіх. Але тут, як і за польскім часам, атабарыліся вайскоўцы.
Мы папрасіліся і нам дазволілі агледзець палац 1-й паловы 19 ст.звонку. Ен уражвае даўжыней (140 м). Вакол вялікі прыгожы парк. Сцежкі – з пясочкам. Усё прыбрана і прыгожа. На выхадзе начальнік зьдзівіўся, ці праўда, што мы адмыслова прыехалі паглядзець палац. Сказаў, што сам з Наваградку і ці былі мы там і ў іншых месцах, якія ён назваў “Залатам кальцом” (нашым). Ен мне спадабаўся. Стрыманы гонар гучаў у ягоных словах “Наваградак – мая Радзіма”.

Паварот на Новы Свержань не знайшлі і ехалі праз Стоўбцы, бо гэта амаль прыгарад.

Каля касцёла (16 ст. Рэнесанс) на лаўцы сядзела жанчына і нешта чытала. Спытала, ці мы ў госьці, то ўжо праз паўгадзіны пачнецца служба і можна будзе прайсці ўнутар. Але было ўжо запозна, мы паглядзелі праз адчыненыя дзьверы (праз жалезную рашотку) унутранае ўбранне. Потым падышлі да наглуха зачыненай брамы царквы Ушэсця з трыма рознавялікімі званамі на ёй. Царква старая ( пачатак 17 ст.). Пабудавана, як уніяцкі храм пры кляштары базыліянаў. Пераасьвячона ў правослаўную пасьля чарговага вызвольнага паўстання (1833г.).

На гэтым падарожжа скончылася. Атрымалася цікавым, усім спадабалася. Паспрыяла таксама і цеплае сонечнае надвор’е.


Чэрвень 2001 годаМарына Зыкава, фотаздымкi аўтара

Bottom bar
Домой!