Краявіды бяз сонца

Назад Домой
Upper bar

Паглядзіш на фотаздымкі мінулых падарожжаў, асабліва больш позьнія, каляровыя, ды падумаеш: калі нехта ня быў на Беларусі, вырашыць па гэтых здымках, што тут амаль Гішпанія - сонца зазірнула ўжо ў нашае аконца і зьзяе не спыняючыся. Неба сіняе, сонца залатое, дрэвы заўжды зялёныя - вечнае лета. Таму 8 сакавіка, дзень вольны, вырашылі паглядзець на Меншчыну праз дождж, сьнег, ну і трохі сонейка. І надвор'е расстаралася: дзьмуў халодны вецер, наганяў то дождж, то сньегавую завею, зрэдку ўсьміхалася праз хмары сонца.

Маршрут пралягаў ад Менску на Поўдзень і вакол горада з Захаду да Поўначы гэткім паўкругам.

Сеніца. Царква Сьв. Пятра і Паўла пабудаваная ў 1861-65г. Першая кропка - Сеніца. Царква Сьв. Пятра і Паўла пабудавана ў 1861-65г. Хаця стыль нязьменны для гэтага часу рэтраспектыўна - рускі, а ўсё ж выглядае больш прыстойна за псеўдарускія распісныя "пернікі" у Турцы ды ў Любчы. Мае нейкія адметнасьці. Між іншым, у народным вучылішчы пры гэтай царкве 2 гады навучаўся Янка Купала. У іканастасе ёсьць абразы вядомага беларускага мастака Дзьмітрыя Струкава.


Палац у Прылуках Далей - Прылукі. Прыгожы, добра захаваўшыйся палацава - паркавы ансамбль, апошнія ўладальнікі - Чапскія. "Из заколдованного замка устроен великолепный палаццо в готическом стиле " (Кіркор "Жывапісная Расія" т.3) Парк, закладзены папярэднім уладальнікам, вядомым аграномам Атанам Говартам, адзін са старэйшых на Беларусі, добра захаваўся, асабліва тэрасы ў італьянскім стылі, якія спускаюцца да Пцічы з дваровага фасаду. У гэтым падарожжы Прылукі спадабаліся мне болей за ўсё.

У вялізнай весцы Возера зноў Сьвятапетрапаўлаўская царква, пабудаваная на сродкі графа Чапскага ў 1840 годзе ў стылі позьняга класіцызму. Цэркваў наогул траплялася шмат, напрыклад, на могілках у Дабрынёва - помнік народнага драўлянага дойлідства - зусім сьціплая Сьвятапакроўская царква.

Каля вёскі Баравое ёсьць цікавая капліца - пахавальня з "намёкам" на готыку пачатку 20-га стагоддзя. Невялічкая ратонда з невысокім шатровым дахам. Знутры нішы для трунаў, насупраць уваходу ніша дзеля алтарнай скульптуры.

'Скарбчык' - Мініяцюрны замачак у стылі готыкі ў Станькава У Станькава так перапляліся мінуўшчына і сучаснасьць! На тэрыторыі вялікай сядзібы Чапскіх захаваліся магутныя гаспадарчыя будынкі з колатых валуноў і мініяцюрны замачак у стылі готыкі, знакаміты "Скарбчык", які Эмерык Чапскі збудаваў адмыслова дзеля сваіх багатых і разнастайных музейных збораў, сярод якіх былі:
археалягічныя знаходкі паганскіх часоў; нумізматыка (ад 10-га стагоддзя), геральдыка; кніжная справа; старажытная зброя і працоўныя прылады; касьцельная мэбля і начыньне; музычныя інструменты і жывапіс( ад 16 ст.); бібліятэка каля 20 тыс. тамоў! Плошча музея 130 кв. мэтраў. Асноўная частка збораў была вывезеная гаспадарамі ў Кракаў і склала "падмурак" Кракаўскага музея, а ў станькаўскім "скарбчыку" разьмясьціўся пасьля вайны музей Марата Казея (параўнаньне вельмі сьмешнае па маштабах), але зараз, падобна, і яго няма. У вялізным старым парку шмат сучасных "шэрых" будынкаў. На беразе возера - старая альтанка, з яе на другім беразе бачны рэшткі Сьвята-Мікалаеўскай царквы, якая ўваходзіла ў адзіны комплекс з палацам і паркам. Рэшткі і сёння вельмі жывапісныя. Агульнае ж уражаньне - эклектыка: 19-е стагоддзе і 60-я гады 20-га. І тое і другое ў заняпадзе.

У Старынках добрасумленна шукалі касьцёл. Знайшлі каробку бяз даху. Унутры дрэвы растуць. На ўваходзе кастрышча, стаіць чугун. Параць бульбу сьвіньням у храме сьмела, Бога не баючыся.

Капліца ў Пральніках на могілках пераробленая ў праваслаўную царкву У Волме на месцы старога спаленага касьцёла будуецца новы сучасны. Сядзіба Ваньковічаў пачатку 19 ст. ў дастаткова добрым стане, толькі чамусьці над уваходам - ваенная зорка.

У Пральніках на могілках капліца - пахавальня 2-й паловы 19 стагоддзя у стылі позьнягя класіцызму. Зараз перароблена ў праваслаўную царкву, храм - ратонда , таўшчыня сьцен да 1,5 м. Даволі незвычайнае збудаваньне.

Траецкая царква ў вёсцы Кіявец (1919 год) Драўляная царква ў Кіяўцы (1919г.) нейкая казачная і прыгожая.

Патрапіўшы ў Яршэвічы вымушаны былі хвілін 10 проста стаяць на шляху, бо завея была такая , што нічога бачна не было, пакуль вецер трохі не адагнаў сьнегавыя хмары. У Яршэвічах адну царкву драўляную не знайшлі, а знайшлі толькі мураваную з бутавага каменю па тыповым праекце рэтраспектыўна - рускага стылю.

Рэшткі касьцёла ў вёсцы Дубрава (1780 год) У цэнтры вёскі Дубрава на ўзгорку каробка касьцёла 1780 года, пабудаванага верагодна Карлам Спампані па фундацыі мінскага ваяводы Адама Хмары, уладальніка вёскі. Касьцёл пераходзіў да праваслаўных пасьля паўстаньня Каліноўскага. Зараз вось такія жывапісныя руіны ўпрыгожваюць найвышэйшую кропку Дубраў. А на ўскрайку - сучасная царква нейкага незразумелага стылю.


Касьцёл у Заслаў'е Кальвінскі збор у замку (Спаса-Праабражэнская царква зараз) у Заслаў'е Скончылася падарожжа Заслаў'ем. Касьцёл, які так аптымістычна рэстаўравалі гады 2 таму, так і ня скончаны. Былы кальвінскі збор у замку (Спаса-Праабражэнская царква зараз) мабыць лепей было б пакінуць музеем, бо зараз інтэр'ер нейкі пустынны і няўтульны, занадта сучасны іканастас не выклікае вялікіх пачуцьцяў. Затое на тэрыторыі замка прыбралі незразумелыя зялёныя эбудаваньні тыпу казармаў, што месьціліся там, дзе быў палац. Зараз тут кветнік. Але земляныя замкавыя ўмацаваньні мабыць самыя выразныя гэткага кшталту на Беларусі.

У маршруце ў нас была яшчэ Сёмкаўская сядзіба. Але мы яе не знайшлі паміж цэлага лесу сучасных, безгустоўных большай часткай, катэджаў - замачкаў, якія стаяць "вокны ў вокны" і ў большасьці якіх відавочна ніхто не жыве.

Знайшлі толькі Троіцкі касьцёл на могілках. Ён таксама патрабуе грунтоўнай рэстаўрацыі.

Увогуле гэтая паездка пакінула цікавыя ўражаньні пра цэнтральную частку Беларусі. Мне падалося, карціна больш сумная, чым ва Ўсходняй Беларусі. Там амаль нічога не захавалася, але і парэшткаў няма таксама, усё чыста і роўна, няма за што воку зачапіцца. На Захадзе краіны кожная веска і мястэчка (зноў жа "амаль") - гэта касьцёл ці капліца, ці сядзіба, ці палац. Меншчына ж выклікае пачуццё нейкага запусьцення. Шмат занядбаных руін, але будуюцца цэрквы і зноў па нейкаму "тыпавому" праекту; шмат кінутых напаўзруйнаваных хат, але на ўскрайках многіх вёсак будуецца па адным вялікім катэджы (чыесьці дачы напэўна).

Ці ўсё ж такі лепей глядзець на нашу краіну пры яркім сонцы?


Чэрвень 2002 годаМарына Зыкава, фотаздымкi мужа

Bottom bar
Домой!