Косаўскі палац

Косаўскі палацКосаўскі палац пабудаваны ў 1838 годзе архітэктарам Яшчольдам, завершана будаўніцтва і аздабленне інтэр'ераў пад кіраўніцтвам архітэктара Марконі. Буйны прамыслоўца граф Пуслоўскі ў сваёй рэзідэнцыі замаўляе палац у стылі рэтраспектыўнай готыкі. Гэты стыль толькі пачаў выцясняць на Беларусі класіцызм, таму палац яшчэ мае і рысы класіцызму. Размешчаны ён у пейзажным парку канца 18 стагоддзя і з”яўляецца цэнтрам кампазыцыі. Палац мураваны, мае сіметрычную планіройку. Галоўны (у цэнтры 2 - павярховы, па баках 1 -павярховы) і 2 бакавыя 2 - павярховыя аб”ёмы, размешчаныя ніжэй, злучаныя вузкімі пераходамі з высокімі стральчатымі аркамі. Па вуглах асноўнага аб”ёма - гранёныя вежы, па вуглах бакавых - контрфорсы, падобныя да вежаў. Усе аб”ёмы маюць зубчатыя завяршэнні, стральчатыя аркі праёмаў і нішаў, машыкулі. На другім паверсе галоўнага памяшкання была парадная заля, упрыгожаная багатай стукавай лепкай і шматлікай фрэскавай размалёўкай, выкананай мастаком Жмуркай.

Палац будуецца больш падобным на велізарны замак. Можна меркаваць, што месца пабудовы выбрана Пуслоўскім не выпадкова: побач з гістарычнай сядзібай Касцюшкаў ва ўрочышчы Мерачоўшчына (1,5 км ад самога Косава),месцам нараджэння знакамітага Тадэвуша Касцюшкі. Прайшло толькі 7 год пасля задушэння паўстання 1830-31 гадоў. Лютуе рэакцыя. Ва ўдзельнікаў паўстання адбіраюцца сядзібы, маёмасць. Ацалелыя мусяць выязджаць з Бацькаўшчыны, зачыняюцца кляштары, якія шмат падтрымкі аказвалі паўстанцам. Гэта ўжо другое (пасля паўстання Касцюшкі ў 1794г.) задушанае імперыяй вызвольнае паўстанне. І стральчатыя вокны рамантычнага і грознага “гатычнага замка” глядзяць на больш чым сціплую Касцюшкаву сядзібу, рупліва зберажоную Пуслоўскім, нібыта сцвярджаючы, што абітальнікі палаца помняць аб героях сваёй зямлі і прагнуць свабоды сваёй Радзіме.

Але лёс косаўскага “замка” сумны. Пасля чарговага паўстання (Каліноўскага 1863-64 г.г.) палац адабраны ў Пуслоўскіх і аддадзены маскоўскай арыстакратыі - князям Трубяцкім і Альдэнбургскім; у час Першай сусветнай вайны моцна пашкоджаны, прыстасаваны пад староства Косаўскага павета; пасля Айчыннай вайны знаходзіцца ў разбураным стане.

Палац Пуслоўскіх і сядзіба Касцюшкаў адлюстраваны на малюнку Напалеона Орды (60-е гады 19 ст.).

На сённяшні дзень на месцы сядзібы Касцюшкі устаноўлены вялізны валун з мемарыяльным надпісам. Сама сядзіба існавала да 1944 года. Руіны палаца больш не глядзяць на гэтае месца - уздымаецца падлесак, ён ужо даволі вялікі, закрывае палац. Яго не адразу убачыш з дарогі, над лесам бачны толькі велічныя зубцы башань. Ды і тыя скора схаваюцца. Сумныя руіны. Аднавіць іх, пэўна, можна, бо даху няма, але сцены захаваліся збольшага, архітэктура палаца добра бачная і робіць вялікае ўражанне. Мірскі замак гадоў 15-20 таму выглядаў не нашмат лепей. Толькі глядзець трэба на Косаўскі палац трохі прыкрыўшы вейкі, каб не бачыць, як забруджаны падвалы і размаляваны муры.

Наконт другога такога замка ў Польшчы я ведаю нешмат: некаторыя даследчыкі падкрэсліваюць падабенства палаца і замка Гогенцолераў у Камянцы - Зембавецкім (Польшча). (Гэтыя звесткі з кнігі А.Кулагіна). Наўрад ці той замак неяк звязаны з Касцюшкам.

Касцюшка паходзіў з небагатага рода, хаця і старога. На працягу жыцця сутыкаўся з рознымі матэрыяльнымі цяжкасцямі, лёс кідаў яго па свеце ўсё жыццё, замкаў ён не будаваў.

Агульнае ў Косаўскім палацы і ў польскім мабыць неяк звязана з архітэктарам Францішакам Яшчольдам (Яшчалдам) з Варшавы (прадстаўнік варшаўскай школы).

“Энцыклапедыя архітэктуры” , “Эклектыка”А.Кулагіна, часопісы “Спадчына” і інш.

Студзень 2001 годаПадрыхтавала Зыкава Марына

Зачынiць вакно