Падарожжа ў Варончу

Назад Домой
Upper bar

(Варонча - Райца - Наваельня - Дварэц - Дзятлава - Жалудок - Вялікае Мажэйкава - Мураванка - Малое Мажэйкава - Тарнава - Белагруда - Ліда)

Старасвецкія могілкі ў Варончы Год 2003 ня быў багаты на падарожжы: усяго 2 паўнавартасных і адно невялічкае, можна сказаць - замалёўка. Распачну з першага па храналогіі, ў чэрвені сабраліся ў напрамку Ліды. Па плане першы пункт Варонча, але праязджалі праз Мір і не магу не запісаць аб ім адзін сказ. Браме ў мірскім замку зрабілі еўрарамонт, пэўна больш ужо можна не казаць нічога. Акрамя таго ў Міры сканчаецца рэстаўрацыя касцёлу. Але гэта праездам, а зараз па маршруце.

У вёске Варонча найбольш цікавыя старасвецкія могілкі, тут пахаванні прадстаўнікоў вядомых нашых шляхецкіх радоў: Войны, Чачоты, Верашчакі, Булгакі. Захаваліся тут цудоўныя скульптурныя надмагіллі, якім па 200 гадоў. Між іншым у мясцовым касцёле, які пабудаваны ў стылі класіцызму ў 1773 годзе і зараз ледзь бачны паміж дрэваў сядзібнага парку (ад сядзібы ўжо нічога амаль не засталося) хрысцілі нашага паэта Яна Чачота.

Капліца-пахавальня 1817 года ў РайцыРайца ўразіла цудоўнай прысядзібнай капліцай-пахавальняй на вельмі высокім пагорку ў былым маёнтку Раецкіх, Капліца ў рэтраспектыўна-гатычным стылі датуецца 1817 годам. На версе вежы стаяла скульптура Маці Божай. Пасля паўстання Каліноўскага тут Спаса-Праабражэнская царква, пры гэткай архітэктуры зусім недарэчная, а Маці Божай няма.

Чыгуначны вакзал ў Наваельні, пабудаваны ў 1920 годзе У Наваельні вельмі прыгожы будынак чыгуначнага вакзала ў стылі неабарока, пабудаваны ў 1920 годзе. Зараз добра адрамантаваны і выглядае вельмі нядрэнна. Ёсць тут яшчэ царква Раства Багародзіцы ў рэтраспектыўна-рускім стылі, 80-я гады 19 стагоддзя.

Касцёл Святога Антонія Падуанскага, пабудаваны ў 1904 годзе ў Дварцэ Заехалі ў вёску Дварэц і пабачылі, на мой погляд, даволі арыгінальны касцёл Святога Антонія Падуанскага, пабудаваны ў стылі неабарока і неарэнесансу ў 1904 годзе.

Касцёл ў Дзятлаве Мястэчка Дзятлава нейкага агульнага ўражання не зрабіла, пэўна, у сувязі з "годам навядзення парадку" шмат дзе перекапана, нешта рамантуецца (ансамбаль жылых дамоў рамеснікаў 17-19 ст. на былой Гандлёвай плошчы), а касцёл, фундаваны яшчэ Львом Сапегам у пачатку 17 ст. і значна перабудаваны у 1743 годзе архітэктарам Асікевічам у стылі віленскага барока, наадварот некалькі гадоў таму адрамантаваны і пабелка ўжо патрабуе аднаўлення. На фасадзе касцёла, у нішах выдатныя скульптуры апосталаў Пятра і Паўла і іншыя. Палац, пабудаваны Мікалаем Радзівілам у 1751 годзе захаваўся, хаця і пашкоджаны, перабудаваны, выдатнейшы дэкор у стылі ракако груба пабелены, але пры жаданні можна разгледзець і ўявіць яго былую прыгажосць. (Зараз гэта корпус новай бальніцы).

Шмат чакала ад Жалудка, бо з гэтым месцам звязаныя такія знакамітыя асобы! Па першае, безумоўна, Антоні Тызенгаўз. Ягоны род меў тут маёнтак. У крыпце папярэдняга і пабудаванага на ягоным месцы ў 1853 годзе новага (наш знакаміты архітэктар Падчашынскі пабудаваў яго ў стылі познягая класіцызму) касцёлу Ўшэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі знаходзяцца пахаванні роду, тут пахаваны і ён сам. Касцёл якраз напярэдадні адзначыў сваё 150-годдзе. Стомлены ксёндз распавёў, што было шмат гасцей. На пытанне пра пахаванні Тызенгаўзаў адказаў, што надмагіллі на самой справе ёсць, а вось наконт сядзібы ў стылі неабарока, што знаходзіцца ў кіламетры ад Жалудка і раней належала ваенным, сказаў, што трапіць туды нельга - не пусцяць, хоць ваенных даўно там няма, а хто вартуе, я ня ведаю. Царква ў Мураванцы Ксёндз гварыў, што прыязджаў нехта з нашчадкаў, даваў грошы, каб аднавіць - не ўзялі і не аднаўлюяць. Але гэта ўсё толькі словы. А сядзіба бала вельмі прыгожай (бачыла адзіны фотаздымак, больш мяркую па апісаннях), архітэктар Марконі . І на самой справе, вакол маёнтка высокі забор і шмат дрэў - звонку нічога не відаць . Шкада. Шмат ужо пра Жалудок, але нельга не ўзгадаць яшчэ і пра Валерыя Антонія Ўрублеўскага, начальніка штаба падчас паўстання Кастуся Каліноўскага, пасля эміграцыі ўдзельніка Парыжскай Камуны (камандуючы фронтам), пахаванага ў сцяны Камунараў на могілках Пер-Лашэз. На фотаздымках - алтар і арган Жалудокскага касцёла.

Шкада, што такія старажытныя мястэчкі (напрыклад, Дзятлава і Жалудок пісьмова згадваюцца у 15 стагоддзі) так мала захавалі ад сваіх старажытнасцяў.

Ветравы млын ў Тарнаве Па дарозе ў Мураванку заехалі ў Вялікае Мажэйкава (належала князям Палубенскім з самага пачатку 16 ст. - гэта да старажытнасці), сядзіба 18 ст. не захавалася, але захаваўся парк, закладзены ў 1787 годзе. Здзічэлы і недагледжаны, ён мне ўсё роўна вельмі спадабаўся.

Пра Мураванку што ж казаць! Яе прыгажосць і старажытнасць (храм абарончага тыпу ў гатычна-рэнесансным стылі пабудаваны ў 1524 годзе, некаторыя навукоўцы мяркуюць, што на 100 гадоў раней) гавораць самі за сябе. Шкада, што абнесена яна металічнай сеткай - не падысці, калі службы няма.

У Малым Мажэйкаве сядзіба 1-й паловы 19 стагоддзя ў стылі позняга класіцызму зараз належыць калгасу і так добра дагледжана і адноўлена, проста дзіўна і прыемна глядзець!

Сядзіба ў Тарнаве Вельмі цікавая сядзіба ў вёске Тарнава. Але ў адрозненне ад Маламажэйкаўскай зусім у непрыхожым стане, калі глядзець зблізу. Хаця бачна, што гэты помнік неарэнесансу канца 19 ст. не так даўно звонку аднаўляўся. Але ў некаторых частках тут проста жывуць людзі, у некаторых - нейкая ўстанова, а частка памяшканняў кінутая. На задворках - магутнае збудаванне ветравога млыну. Шатровы верх быў драўляны, варочаўся на металічных шарах і гадоў 10 таму згарэў.

Міхайлаўскі касцёл у Белагрудзе 1900 году У Белагрудзе на высокім беразе ракі Дзітва ў 1900 годзе на месцы старога драўлянага пабудаваны вельмі дасканалы і прыгожы Міхайлаўскі касцёл у стылі неарэнесансу.

У Ліду трапілі надвячоркам. У горадзе таксама "навядзенне парадку" - таму галоўная вуліца ўся перакапаная.

Замак у Лідзе Знакаміты замак (пачатак 14 стагоддзя, готыка) у адрозненне ад свайго сабрата ў Крэве адноўлены (і бачна, дзе адноўлены, і там, дзе адноўлены, ўжо ідуць па сцяне расколіны), за муры трапіць ніяк нельга, таму можна толькі вакол абысці. Мы абышлі і накіраваліся да касцёла Ўзвіжання Святога Крыжа, што побач. Разгледзець інтэр'ер, выкананне якога прыпісваюць Глаўбіцу, не вельмі атрымалася за-за вялікай колькасці людзей. Звонку гэты помнік барока 1747 года выглядае даволі сціпла, бо страціў вежы пад час пажару у 1821 годзе. У касцёле знаходзіцца абраз "Маці Божая з дзіцём", прывезены з Візны першымі місіянерамі - францысканцамі ў 1376 годзе (так лічыцца).

У канцы 18 стагоддзя ў Ліду прыбылі піяры, выціснутые з Воранава і Геранёнаў езуітамі, пабудавалі тут кляштар і Іосіфаўскі касцёл у стылі класіцызму, адчынілі калегіюм (бо навучанне дзетак - асноўная місія піяраў увогуле). Лiдскi Крыжаўзвiжанскi касцёлПасля паўстання 1830-31 г.г. калегіюм забралі ў піяраў і зрабілі тут дваранскае вучылішча, а пасля паўстання Каліноўскага і касцёл забралі і зрабілі царкву Міхаіла Архангела, а ўжо праз 100 год - планетарый. Зараз зноў тут дзейнічае царква.

Скончылася гэтая паездка ў вельмі прыгожым месцы, на высокім цудоўным беразе Нёмана, парослым рэдкімі дубамі.


2004Марына Зыкава, фотаздымкi мужа

Bottom bar
Домой!