Падарожжа ў Пінск

Назад Домой
Upper bar

(Узда - Кухцічы - Наднёман - Клецк - Радзівілімонты - Нача -Грушаўка - Дабраслаўка - Боркі - Пагост Загародскі - Пінск)

Пачатак зімы - сумны для мяне час, не люблю, што тут зробіш. Трэба неяк ратавацца ад лістападаўскай тугі. Вось ужо колькі год я ратуюся падарожжамі па Беларусі. Не, я яшчэ не адчайваюся падарожнічаць ані ў лістападзе, ані ў сьнежні, хаця ў лютым і сакавіку ўжо паспрабавала. Але люты - гэта ўжо перамога, ужо амаль спраўджаная надзея на вясну. У пачатку зімы я збіраюся, распрацоўваю маршруты на наступны год. Раней атрымлівалася па два ці тры, а ў гэтым годзе ажно пяць! І ўсе пяць удалася праехаць. Звычайна мы выпраўляемся ў паездку дзьвума машынамі - наша сям'я і сям'я сяброў, і ўжо стала традыцыйнай вялікая (двухдзённая) вясновая экскурсыя - адкрыццё сэзону, так бы мовіць. Мінулым лістападам я стала рыхтаваць у якасьці травеньскай "прэм'еры" падарожжа ў Пінск. Даўно чула і чытала пра Пінск, як пра горад, адзін з нешматлікіх на Беларусі, які захаваў сваю гістарычную асаблівасць, нейкую адметную аўру. Да таго ж ніколі не была на Палессі, усё гэта і вызначыла напрамак.

Петрапаўлаўская царква ў Узде (1840 г.)Надвор'е ў першы дзень вагалася паміж "ясна" і "пахмурна з дажджом". Першая кропка маршрута Узда. Калісьці ў 30-х гадах мая бабуля выкладала ў мясцовай школе літаратуру, у школным музэі ёсьць нават яе фотаздымак, бачыла яго гадоў дзесяць таму, але гэта да слоўца. Ёсьць мястэчкі (няшмат на Беларусі), якія вабяць уладкаванасьцю, цёплым "хатнім" выглядам, прыкладам, Ружаны, але ня Узда. Доўгая галоўная вуліца месцамі раскапана (чамусьці гэтыя будоўлі-раскопкі ніколі не сканчаюцца), за вельмі ўражваючай магутнай брамай былога касьцёла зараз дом культуры - вялізная мяшанка з драўлянага будынка і магутнага цаглянага чатырохкалоннага порціка, а вось Петрапаўлаўская царква (1840 г.) мне спадабалася, мае адметны выгляд, бачна, што пабудавана яшчэ да "дзяржаўна-планавых" цэркваў другой паловы 19 ст., так званых "мураў'ёвак" у рэтраспектыўна-рускім стылі. Ну, калі Узда ня ўразіла, то далей. А далей пошукі Кухцічаў. Палац у Кухцічах (былая сядзіба Завішаў)Цяжкія, са страчаным часам пошукі, бо пасьля Узды ня трэба было паварочваць у вёску Кухцічы і езьдзіць па ёй узад-уперад, ды пытацца ці то былой сядзібы, ці то палаца, ці то вучылішча механізатараў, а трэба было зварочваць налева, у пасёлак Першамайскі. Але ў розных кнігах пазначана па-рознаму, а ўказальніка на былую сядзібу Завішаў, апошняй уладальніцай якой была Магдалена Радзівіл, безумоўна, няма. Дарэмна яна фундавала выданне першага зборніка Максіма Багдановіча "Вянок", беларускія газэты і іншыя кнігі, уводзіла беларускую мову ў справаводства сваёй гаспадаркі, адчыняла школы, вясковыя крамы ды таварыствы цьвярозасьсі, на эміграцыі падтрымлівала беларускіх хлопцаў, якія вучыліся на ўніяцкіх сьвятароў. А можа і сорамна было б, калі завітаў хто непадрыхтаваны. Вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі размесьцілася ў старым парку маёнтка, як Бог на душу паклаў: нешта зьнесьлі, нешта само пабурылася, нешта пабудавана і толькі старая капліца - былы кальвінскі збор і сямейная пахавальня 2-й паловы 16 стагоддзя, пабудаваная Кавячынскімі, яшчэ трымаецца за кошт сьцен таўшчынёй у 1,5 м, але дах не вытрымлівае, і ўвогуле бачна, што ў час механізацыі старажытная капліца зусім сірата. Паехалі далей на поўдзень, мабыць будзе больш сонечна і больш падстаў для аптымізму знойдзецца.

Рэшткi палаца ў Наднёмане Наступная кропка - Наднёман. О, якое цудоўнае месца! Таксама руіны, але без механізацыі, і гэта робіць незабыўнае ўражаньне! Маленькая вёсачка, ў канцы адзінай вуліцы рэшткі сядзібы Наркевічаў-Ёдкаў. Неаготыка. Прыгожая брама, шмат гаспадарчых пабудоў з чырвонай цэглы, магутныя разваліны палаца з бусліным гняздом замест герба. Месца вельмі прыгожае, на беразе Нёмана, прастора сядзібы вялізная (далёка бачны рэшткі цаглянай агароджы), вельмі добра захаваўся парк, у іншых месцах і сёння адчуваеш працу садоўніка: вось адмыслова пасаджаныя купы дрэў, кустоў, вось захавалася алея, а вось парк пераходзіць у хваёвы лес. Вельмі рамантычнае і прыгожае месца.

Благавешчанскі касьцёл (1683 г.) ў Клецку Пачаўся дожджык, калі мы трапілі ў Клецк, старажыны Кліческ, першыя згадкі аб якім датуюцца 1127 годам. А яшчэ гэта амаль 400-гадовая, з 1560 -х гадоў, калі каралева Бона падаравала Клецк Радзівілам, сталіца Клецкай ардынацыі гэтага магутнага роду, адной з трох (яшчэ Нясвіжская і Алыцкая). Тут у кальвінскім зборы чытаў свае казані Сымон Будны, вялікі беларускі філосаф і гуманіст, тут Ян Марыя Бернардоні пабудаваў цудоўны Троіцкі касьцёл амаль у тыя ж часы, што і ў Нясвіжы, у стылі готыкі і рэнесансу, і ён цудоўна датрываў да 1950-х (ёсць фотаздымкі), але тут яго ўзарвалі невядома зь якой нагоды. Амаль на стагодьдзе больш позьні (1683 г.) Благавешчанскі касьцёл захаваўся, як і кляштар дамініканцаў, пры якім быў пабудаваны. Гэтую магутную дзьвухвежавую базіліку разам з будынкам кляштара захаваў філіял механічнага завода і ягоны інтэрнат, што тут месьціўся (во, не заўсёды ж механізацыя - зло). Зараз касьцёл дрэнна пабелены, скульптур і лепкі на фасадзе, канешне ж, няма, з тыльнага боку ён па-старому нагадвае заводскі цэх, але бачна, што ўжо перададзены вернікам, і гэта вельмі прыемна, бо можна чакаць і лепшай тынкоўкі і вяртаньня скульптур. Ужо ад'яжджаючы кінула позірк на агульны выгляд вялікага будынка і ўбачыла на вежах... крыжы праваслаўныя, будынку ну ніяк не пасуюць, чаму ж вяртаюць не гаспадарам? Тым больш, што праваслаўная царква ёсьць у Клецку, як і трэба, ў псэўдарускім стылі, на ўезьдзе ў горад. Незразумела. Яшчэ бачылі будынак шпіталя (1909 г.) у стылі мадэрн, прыгожы і вясёлы. Але дождж пайшоў мацнейшы, неба зацягнула шэрым. Увогуле ў дождж я губляю надзею на лепшае і гэтым разам безнадзейнасьць спраўдзілася.

Рэшткi летняй рэзідэнцыi клецкіх Радзівілаў ў Радзівілімонтах Вы чыталі пра Радзівілімонты, пра цудоўную летнюю рэзідэнцыю клецкіх Радзівілаў, пра "адзіны ў сваім родзе помнік драўлянага дойлідства, у якім так трапна і выразна ўвасоблены рысы класіцызму ", пра руставаныя сьцены з дрэва? А пра незвычайна багата і густоўна аздобленыя інтэр'еры з жывапісам Смуглевіча - казачны сьвет мастацтва і прыгажосьці, чыталі? Бачылі фотаздымкі драўляных разных капітэляў? Заплюшчыце вочы, не чытайце, або не сьпяшайцеся пакуль што ў Радзівілімонты, пачакайце пакуль час зьнішчыць тое, што засталося ад гэтай "пэрліны", бо кантраст паміж уяўленьнямі і рэчаіснасьцю невыносны! Хочацца плакаць, ці тупаць нагамі, ці невядома што яшчэ рабіць. Па-першае, знайсьці "палац" аказалася вельмі цяжка, наматалі па навакольных вёсках шмат кілямэтраў, але лепей бы не знайшлі. За кустамі, на паляне ў парку стаіць разваліна, месцамі спаленая, месцамі разламаная, засыпаная смецьцем і ламоччам, з праламанымі сьценамі і абваліўшымся дахам. А побач - трохпавярховы цагляны будынак (гадоў 70-х, невыразнай архітэктуры) мясцовага сельсавета. Ну чаму людзі ня хочуць жыць ці працаваць, як Радзівілы, у палацах, ну хаця б насуперак: вось вы былі гаспадарамі, а зараз мы тут жывем і гаспадарым ня горш за вас! Але ня хочуць. Ну ўсё, паехалі далей, бо не вытрываць.

Праз былыя шляхецкія гнёзды паболей і паменей: у Янавічах, у Стралкова, у Тучы. У гэтых хоць жывуць людзі, але таксама стан сядзіб не зайздросны. З вялікімі цяжкасцямі, нейкімі палявымі шляхамі дабраліся да вёскі Нача. Шукалі помнік сядзібнай архітэктуры ў стылі класіцызму (1810 г.) з магутным 6-калонным порцікам. І знайшлі, хаця дом закрыты з аднога боку лесам (былы парк), з іншых - усялякімі сараямі і дамамі, а яшчэ агароджай, бо там зараз нейкае прадпрыемства ці кантора.

Час бяжаў, было а шостай вечара, а мы зусім яшчэ не выканалі праграму першага дня, бо павінны былі заехаць далёка за Ганцавічы, а яшчэ і да Ляхавічаў не даехалі. Але дождж спыніўся, безнадзейнасць Радзівілімонтаў трохі сьцерлася і чакала наперадзе Грушаўка. Вось бывае, калі распрацоўваеш падарожжа, усё цікава і ўяўляеш кожнае месца па-свойму, і жадаеш хутчэй пабачыць, але між усіх месцаў зазьзяе нейкая зорачка, нейкая таямніца, нейкае чароўнае месца, яно чаруе толькі цябе і мабыць, толькі ў тваім уяўленьні, а цягне гэтак моцна менавіта туды. Вось Грушаўка была для мяне гэткім месцам травеньскай экскурсыі. Па-першае, асоба гаспадара Тадэвуша Рэйтана безумоўна адбілася на вобразе гэтага месца, хаця з тых часоў, з часоў падзелу Рэчы Паспалітай, нічога тут не захавалася: і дом пазьнейшы, і капліца, і іншыя будынкі.Драўляны дом Тадэвуша Рэйтана ў Грушаўке А вось лётае ж, пэўна, тут ягоная душа, калі я яе адчуваю, тым больш ня можа супакоіцца, што справа жыцьця ягонага, свабода і незалежнасьць Радзімы, канчаткова ня выканана, бо такая няпэўная сёння. Тая невыноснасьць і немагчымасьць выратаваць сытуацыю, што давяла Рэйтана да самагубства, і сёння з намі, больш чым праз 200 год! Колькі ж душаў несупакоеных усё лётаюць і лётаюць над Беларусьсю, над Вялікім Княствам Літоўскім, і невядома, ці знойдуць яны пакой і калі. А Грушаўка прыгожая, таямнічая, як я і чакала. Драўляны дом, у якім яшчэ бачны на сьценах рэшткі аздобы, парадная заля з падлогай з каменных плітак і ад вінтавой лесьвіцы на другі паверх застаўся толькі слуп і дзіра ў столі, у якую бачна аздоба другога паверха. З левага боку будынка на другі паверх вядзе драўляная лесьвіца, бачны рэшткі печаў і камінаў. Яшчэ можна ўявіць і паляўнічую залю, і карцінную галерэю, яшчэ можна пачуць гукі раялю ў залі ўшанаваньня роду Рэйтанаў. Пахадзілі па скляпеністых сутарэннях, бачна, што мясцовыя жыхары іх неяк выкарыстоўваюць, хаця вёска і далёка, а сам будынак стаіць абкружаны вялікм паркам. Яшчэ захавалася агароджа сядзібы і дом , пэўна, вартаўніка (бо пры браме), тут і зараз жывуць. Фамільная капліца ў стылі неаготыкі Тадэвуша Рэйтана ў ГрушаўкеСтогадовыя з чырвонай цэглы бровар, майстэрні, будынкі сьпіртзавода, стайні захаваліся ў добрым стане, на іх вісяць замкі. Фамільная капліца ў стылі неаготыкі месьціцца проста ў яловым старым лесе асобна ад сядзібы. Канешне бурыцца, але выглядае ўрачыста, рамантычна і ўзьнёсла. Зараз на месцы помніка Тадэвушу Рэйтану, які быў паставлены "пану з Чорнай Русі" у 1839 г. перад капліцай і потым зьвезены ў Кракаў, стаіць вялізны камень у гонар славутага змагара за незалежнасць Бацькаўшчыны, чалавека, які са словамі "тапчыце мяне - не тапчыце Радзіму" клаўся пад ногі ўдзельнікам Сойму Рэчы Паспалітай, бясслаўна згадзіўшымся на зьнішчэньне сваёй краіны. Ці супакоіцца калі-небудзь ягоная душа?

Далей кіруючыся ў аб'езд Ганцавічаў хутка паехалі на поўдзень. Начаваць вымушаны былі проста ў лесе, але ж - неўпершыню. Адзінага вельмі шкада: на мапе, калі меркавалі, дзе спыніцца на начлег, я бачыла дзьве будыніны, да іх вядзе лясная сьцежка, спыняецца ля ручая, за ім яны і стаяць, і надпіс -"нежылое". Вельмі цягнула туды! Але ніхто мяне не падтрымаў (баяліся прывідаў?), ды і не знайшлі мы гэтай лясной сьцежкі. Шкада, мабыць там нас чакалі цуды!

Ператрываўшы незьлічоных травеньскіх камароў каля вогнішча, зранку ўжо ехалі па Палесьсі, кіруючыся да ягонай "сталіцы" Пінску. Вёскі трапляліся толькі буйныя, на мой погляд яны вельмі адметныя і адрозьніваюцца ад вёсак у іншых кутках Беларусі: па-першае, памерамі і раскідваюцца неяк ушыркі, а па-другое, адчуваецца тут грунтоўнасьць, чысьціня і парадак, амаль ня бачна зламаных забораў, смецьця на вуліцах, пустых хат. І цэрквы ўсюды свае, драўляныя: высокая блакітная ў Дабраслаўцы, пабудаваная ў 1748 і маленькая счарнелая ад часу на могілках у Борках 1830 году. А вось у Пагосьце Загародскім царква цагляная ў рэтраспектыўна-рускім стылі 70-х гадоў 19 ст. Ішла служба, было шмат народу і мы не пабачылі вельмі старога абраза Маці Божай Чанстахоўскай 15-га ст. А яшчэ за гандлёвай плошчай бачылі дзьвухпавярховы будынак у стылі барока: ці то рамантуецца, ці то дабурваецца - невядома, але будынак цікавы. Увогуле Пагост Загародскі падаўся мястэчкам, а ніяк ня вёскай. А які ад яго шлях вядзе да Пінска! Брукаваны месцамі круглым каменьнем, месцамі нейкім абчасаным прамавугольным. Гэта ж колькі працы сюда ўкладзена! Сёньня ехаць, што праўда, вельмі нязручна, таму звярнулі на буйную шашу, пабудаваную яшчэ за царскім часам з Варшавы у Расію па асушаных балотах, і хутка трапілі ў Пінск. Проста праз увесь горад праехалі да старажытнай часткі, да замчышча, якое пазначана на галоўнай плошчы і ў суседніх вуліцах памятнымі знакамі. Пінск падаўся горадам паўднёвым. Будынак езуіцкага калегіюма ў ПінскуДзень быў сонечны, нядзеля, людзі гулялі па вялізнаму пляцу перад езуіцкім калегіюмам, сядзелі ў цяньку амаль летняй, ужо густой лістоты, на пляцы праводзіліся нейкія міжнародныя спаборніцтвы па барацьбе, шмат прапаноўвалася марозіва і піва, адчувалася, што зусім побач вада. Усё стварала ўражаньне курортнага горада. Экскурсыя па Пінску не расчаравала. Першым кідаецца ў вочы будынак калегіюма, проста агаломшвае велічнасьцю, пластыкай, памерамі, і шкада, што не пабачыць ужо побач з ім узарванага ў тыя ж 50-я езуіцкага касьцёла! Піна плешчацца каля падмуркаў калегіюма, шырокая, павольная, вось-вось сустрэнецца з Прыпяццю і стане разам з ёю яшчэ больш велічнаю і прыгожаю. Касцёл і кляштар францысканцаў у ПінскуУздоўж берага Піны, пад старымі таполямі, мінаючы невялікія дамкі пачатку мінулага стагодьдзя, такія разнастайныя, усе з дагледжанымі кветнічкамі, ідзем да касцёла і кляштара францысканцаў. Вежа касцёла францысканцаў у ПінскуДасканалае барока заўсёды вабіць вочы і радуе. А яшчэ вельмі прыемна было чуць у касьцёле, як хлопчыкі і дзяўчынкі дэклямавалі вершы па-беларуску, бо ішла канфірмацыя. Урачыстыя бацькі запоўнілі ўвесь вялікі неф касьцёла, лічыцца, што разам тут месьцяцца да тысячы вернікаў. Прыгожыя хлопчыкі ў гальштуках і дзяўчынкі ў белых карункавых строях вельмі старанна прамаўляюць свае словы. Далей нартэкса мы не пайшлі, але і здалёк драўляныя скульптуры, роспіс, аздобленыя шматлікай разьбой па дрэве алтары і амбон выглядаюць цудоўна. Старажытны кляштар, гісторыя якога цягнецца яшчэ ад заснавальніка Жыгімонта Кейстутавіча з 1396 году, адрамантаваны і ўсьміхаецца сонейку ўсёй сваёй аздобай.

На вуліцах, па якім мы ішлі да палаца Бутрымовіча, пінскага старосты канца 18 стагоддзя, трапілася шмат адно ці дзьвухпавярховых дамоў адметных старым стогадовым векам. Шмат якія адрэстаўраваны, іншыя даводзяцца да ладу і гэта прыемна зьдзіўляе. Палац прыгожы, хаця класіцызм, на мой погляд, не выклікае тога хвалявання, што гнуткае барока і стромкая готыка. Касьцёл Карла Барамеўша, пабудаваны ў 1770-82Ад палаца Бутрымовіча па былым прадмесьці Каралін, дзе гаспадарыў шмат гадоў таму род Вішнявецкіх, зусім блізка да касьцёла Карла Барамеўша пры былым кляштары камуністаў. Пабудаваны ён у 1770-82 гадах. Сам даволі сьціплы, толькі двухярусная званіца з шатровым дахам і купалам бачна здалёк, і старыя прыгожыя дрэвы вакол дазваляюць схавацца ад сонца. Зараз тут створана заля арганнай музыкі... А вось і Варварынская царква. Не падобна на праваслаўны храм, бо гэта былы бернардзінскі касьцёл, пабудаваны ў 1786 годзе на месцы драўлянага, які фундаваў Міхал Вішнявецкі.. Калі пасьля паўстаньня 1830-31 годоў кляштар бернардзінцаў разам са шматлікімі іншымі кляштарамі зачынілі, будынак прыстасавалі пад царкву, але стыль, безумоўна, не вытрыманы. А зусім каля цэнтральнай плошчы пабачылі цікавую будоўлю. Нейкі дом культуры, з чатырма калонамі і трохвугольным франтонам, якія будаваліся недзе ў пяцідзясятых, перарабляюць на праваслаўную царкву. Каля яго на зямлі стаіць вялізны купал з макаўкай, які трэба ўсцягнуць на дах , маленькі ўжо там. Цікава: пачалі падарожжа з дома культуры - касьцёла, а скончылі царквой - домам культуры.

Увогуле Пінск спадабаўся: адметная гістарычная частка і не менш адметныя ўскраіны з бязконцымі агурочнымі цяпліцамі, прыемна бачыць такую працавітасьць, тым больш, што ўсю вясну кормяць нас агуркамі жыхары Пінска.

Скончылася падарожжа доўгім шляхам дамоў без прыпынкаў. Спрабавалі, праўда, яшчэ знайсці ў вёсцы Гарадзішча будынак кляштара бенедыкцінак і рэшткі касьцёла Сьвятой Ганны і не знайшлі. Але і так пабачылі шмат і раім пабачыць усім, цікаўным да свайго мінулага.


У пачатку 2002 годаМарына Зыкава, фотаздымкi мужа

Bottom bar
Домой!