Падарожжа ў Друю

Падарожжа ў Друю

Назад Домой
Upper bar

(Друя - Струнеўшчына -Слабодка - Браслаў - Опса - Дрысвяты - Відзы - Відзы-Лаўчынакія - Казяны)

31 ліпеня выбраліся ў традыцыйнае падарожжа з Віліі (кожны год, адпачываючы з сябрамі на Віліі, едзем адтуль на экскурсыю). У гэтым годзе паехалі ў Друю. З кожным годам складаць маршруты ўсё цяжэй, бо блізкія мясціны ўжо ведаем, далёка ехаць цяжка, бо толькі адзін дзень. Вось у сёлетняй паездцы ўжо адчуваліся нязручнасці. Пачаць вырашылі не так, як планавалася, зблізу і да Друі, а як раз наадварот, спачатку даехаць да самай дальняй кропкі без прыпынкаў, а ўжо потым набліжацца паступова дадому. Але ў гэты раз неяк усё не задалося. Ехалі да Друі вельмі доўга ( прыкладна 180 км). Надвор'е было спякотнае, дарогу пасля паварота з віленскай шашы я добра па мапе не разабрала і мы трапілі на грунтоўку, даволі вялікі кавалак да Шаркоўшчыны. А грунтоўкі ў Віцебскай вобласці, ды ў сухое надвор'е - гэта яшчэ тая асалода! Адно станоўчае, што зноўку трапілі ў Мосар і палюбаваліся гэтым цудам. Там робіцца ўсё лепш!

Касцёл бернардзінцаў у ДруiТакім чынам, да Друі дабраліся апоўдні. Касцёл і кляштар бернардзінцаў звонку вельмі велічны, знутры вельмі вялікі і пуставаты (але працы рамонтныя ідуць) мне спадабаліся, асабліва, калі прыгадаць якія важлівыя для Беларусі імёны звязаныя з гэтым месцам у 30-я гады мінулага стагоддзя, калі тут былі айцы марыяне (Андрэй Цікота, Язэп Германовіч, Фабіян Абрантовіч). Робіць уражанне і адчуванне мяжы. Стаіш на беразе Заходняй Дзвіны і бачыш частку Друі, але ўжо латвійскую (Піедрую) з вежамі касцёла і царквы сярод купаў дрэў. Здаецца, там усё іншае і людзі іншыя. Нейкая цікавая пабудова на латвійскім беразе, падобная на метэастанцыю звярнула на сябе нашу ўвагу. Знайшлі на беразе Барысаў камень, але старажытных надпісаў на ім не бачна. Ад яго адвалілася некалькі вялізных кавалкаў, ніякай таблічкі (так што можа і не ён, хаця наўрад ці). Вельмі цікавыя старажытныя яўрэйскія могілкі. Частей за ўсё неапрацаваныя гранітныя камяні да паўметра вышынёй ня вельмі правільнымі радамі ў выглядзе паўкалец ахопліваюць даволі вялікі пагорак. Надпісы на іўрыце (напэўна). Па дарозе на Браслаў сустрэліся цікавыя населеныя пункты з назвамі "ЯЯ" і "ПОШТА - АБАБ'Е". Кіламетраў праз 10 павярнулі ў вёску Струнеўшчына, з вялікімі цяжкасцямі, спытаўшы некалькі чалавек, знайшлі мясцовыя могілкі. Тут пахаваны сын Марыны Цвятаевай Георгі Эфрон, загінуўшы пры вызваленні гэтых месцай у 1944 годзе. Цікава, што жанчыны, якія паказвалі дарогу, ведалі пра якую магілу мы прапытваем, гавораць, школьнікі яе даглядаяць. Звычаійныя невялічкія вясковыя могілкі, дарога да іх - адны яміны, тры дзясяткі старых бяроз. Касцёл Сэрца Ісуса ў в. СлабодкаНавокал пагоркі, парослыя травой, відаць далёка, нікога няма - такі эпічны пакой. Перад драўлянай могілкавай агароджай асобна вынесена звычайная магіла, на ёй цэментны слупок з жасцянай чырвонай зоркай на версе, столькі разоў сустракаўшайся ў вершах пра вайну, што стала мабыць яе сымбалям. На мяне гэтае месца зрабіла ці не найвялікшае ўражанне ў гэтым падарожжы (у гэткім філасофскім аспекце, улічваючы вершы Цвятаевай, яе адносіны з сынам, іх лёсы і закінуты пакой наваколля).

Далей паглядзелі касцёл Сэрца Ісуса ў в. Слабодка, пабудаваны ў 1903-06 г.г. у неараманскім стылі. Стаіць ён на ўзвышшы, выглядае масіўна і велічна. Сапраўды прыгожая мастацкая акоўка дзвярэй і вялікіх і малых.

Касцёл Раства Дзевы Марыі у БраславеА вось ад Браслава я чакала большага. Касцёл Раства Дзевы Марыі пабудаваны таксама ў неараманскім стылі, але ў 1824 годзе даволі звычайны. З "браслаўскай мазаікі" (гэтак званы "разынкавы стыль"), якой аздоблены сцены, захаваліся невялікія кавалкі, з каляровых каменчыкаў выкладзены крыжыкі і кветкі невялікія, з пяці пялёсткаў, розных колераў. Касцёл быў зачынены, таму вельмі шануемы абраз Багародзіцы мы не пабачылі. Царква і вогуле звычайная. Азёры, безумоўна, вялікія, але добры пляж нам не трапіўся, толькі нейкі на выездзе, каля самай праезжай дарогі, мабыць не знайшлі лепшага.

Касцёл Святога Яна у вёсцы ОпсаНаступны касцёл Святога Яна у вёсцы Опса пабудаваны графам Плятэрам ў 1887 годзе ў стылі неаготыкі, вельмі зграбны.

Петрапаўлаўскі касцёл у вёсцы Дрысвяты пабудаваны ў 1929 годзеЗаехалі і ў Дрысвяты. Безумоўна, драўляны Петрапаўлаўскі касцёл, які пабудаваў тут ў 1929 годзе ў стылі мадэрн знакаміты архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі, вельмі цікавы і незвычайны. А вось да вострава, дзе стаяў замак (14 - 17 ст.) і дзе Мікалай Радзівіл па даручэнні Вялікага князя Жыгімонта Старога фундаваў у 1514 годзе першы Петрапаўлаўскі касцёл, можна дабрацца толькі на чаўне. Мясцовыя хлопцы сказалі, што там ужо амаль нічога няма, рэшткі рову і трохі камення.

Троіцкі касцёл у Відзах, узведзены ў 1914 годзеТроіцкі касцёл у Відзах, узведзены па праекце таго ж Вітан-Дубейкаўскага ў 1914 годзе у неагатычным стылі (на месцы старажытнага касцёла 1481 года пабудовы), адзін з самых высокіх на Беларусі (59 м) і пэўна, адзін з самых дасканалых сярод пабудоў гэтага стыля ў нас. Знутры ён зараз рамантуецца, таму начыння амаль няма, толькі пустыя грамадныя нефы. Магіла Тамаша Ваўжэцкага у ВідзахЗнайшлі ў Відзах і магілу Тамаша Ваўжэцкага, знакамітага паплечніка Тадэвуша Касцюшкі, які ўваходзіў у рэвалюцыйны ўрад Беларусі і Літвы, пасля ўзяцця ў палон Касцюшкі - кіраўнік усяго паўстання..

Заехалі і ў маёнтак Ваўжэцкіх у Відзах-Лаўчынскіх (3 км ад Відзаў), дзе ў 1816 годзе памёр Тамаш Ваўжэцкі (па некаторых звестках, памёр у Варшаве, пахаваны ў Відзах). Калісьці сюды неаднаразова наведваўся Адам Міцкевіч пад час вучобы ў Віленскім універсітэце (у Відзах жыў дзядзька Міцкевіча Маеўскі). У 19 ст. тут быў курорт "Лазенкі", бо на азёрах былі серавадародныя крыніцы, у к. 19 ст. ён заняпаў. У маёнтку (к. 18 - пач. 19 ст.) зараз нейкая дзіцячая ўстанова, Маёнтак Ваўжэцкіх у Відзах-Лаўчынскіх (к. 18 - пач. 19 ст.)парадны фасад выглядае нічога, а вось той, што глядзіць на возера, больш сумны.

Не хапіла нам часу пашукаць вёсачку Люшню (Люшнева?), дзе пахаваны Язэп Копаць, волею лёсу (пасля ўдзелу ў паўстанні Касцюшкі і ўзяцця ў плен сасланы) наш знакаміты вучоны, які даследаваў Камчатку. Ягоны "Дзённік падарожжа Юзэфа Копаця праз усю Азію" высока ацэнены Міцкевічам, неаднаразова выдаваўся ў Берліне, Парыжы, Варшаве.

Па дарозе з Відзаў у Казяны ехалі ўздоўж мяжы з Літвой, недзе ў 100 метрах пасярод поля бел-чырвоныя слупкі каля нейкай рэчкі-канавы. А з тога боку наводдаль літоўская вёска, акуратныя такія дамкі. Нешта ў гэтым ёсць незвычайнае, усё тое самае і поле і хмызы каля канавы, але і ўжо зусім іншае.

Вось купілі ў Паставах іх добрага сыру ды і паехалі ў лагер. Такое вось не вельмі выбітнае з розных прычын атрымалася падарожжа. Але мне і яно спадабалася, проста трэба больш звяртаць увагі на здавалася б дробязі і больш уяўляць, у нас на Беларусі ўвогуле трэба шмат ведаць (чытаць) і шмат уяўляць і адчыняцца такія глыбіні нашай гісторыі!




Студзень 2004 годаМарына Зыкава, фотаздымкi мужа

Bottom bar
Домой!