Ад Быхава да Мсціслаўля і назад

Назад Домой
Upper bar

Грудзінаўка. Палацава - паркавы комплекс першай паловы 19-га стагоддзя У адно з нешматлікіх падарожжаў на ўсход Беларусі мы выправіліся ў канцы жніўня 2002 года. Ехалі ад Быхава, пра які я ўжо неяк распавядала. Першы пункт - , палацава - паркавы комплекс першай паловы 19-га стагоддзя, які пабудаваў тут сабе магілёўскі губернатар граф Талстой. У сядзібным будынку доўгі час пасля Айчыннай вайны месцілася школа - інтэрнат, але пасля Чарнобыля яе некуды перавялі (тэрыторыя тут забруджаная), а сюды памясцілі дом састарэлых. Жывуць яны ў сучасным трохпавярховым будынку інтэрната, а палац, у якім была школа, не выкарыстоўваецца, паціху бурыцца, поўніцца смеццем. На падлозе валяюцца старыя школныя сачыненні. Гартаю саронкі: нейкая дзяўчынка ўзгадвае летні адпачынак у "Зубронку", на сценах - плакаты па грамадзянскай абароне, ці ўратавалі яны гэтую вучаніцу невядома, а па лесвіцах і паддашку паміж павуціннем блукаюць адно прывіды піянераў. А месца прыгожае, захаваліся рэшткі фантана перад домам, сядзіба месціцца ў парку са старых лістоўніц.

Касцёл Святога Казіміра ў Расне Далей доўгі час ехалі праз вялікія і невялікія вёскі паміж агромістых палеткаў, сенажацяў, лесу амаль не было, нічога не нагадвала,што жывуць тут людзі шмат стагоддзяў, усё, здаецца, пасляваеннае. Так даехалі ажно да Расны. Гэта вельмі старажытнае паселішча, згадвае яго Адам Кіркор у сваіх апісаннях Беларусі, вядомае яно з 11 стагоддзя. А вось касцёл Святога Казіміра выглядае як сучаснік легендарнай Троі, хоць і будаваўся ў 1812 годзе. Адмыслова абраны і стыль пабудовы - класіцызм, ну старажытная Грэцыя і ўсё тут.

Мазалава. Успенская царква канца 18 ст. Перад Мсціслаўлем знайшлі толькі адно яшчэ цікавае месца - вёску Мазалава. Стаіць на ўзгорку зачыненая Успенская царква канца 18 ст. Гэта ўсё, што захавалася ад праваслаўнага (потым уніяцкага) жаночага манастыра, заснаванага мсціслаўскім князем Лугвенам у сярэдзіне 14-га стагоддзя. Унутар прыйшлося лезці ў шчыліну пад зачыненымі жалезнымі дзвярыма. Падлога месцамі захавалася, месцамі - ямы. На вокнах - краты, на сценах дзе-нідзе адкрыты фрэскі, як быццам працавалі рэстаўратары. Уразіў мяне купал: на самым версе, у аснаванні купала - яркі паясок, намаляваны з лавравых галінак і чырвоных зорак на сінім фоне, ну вайсковы вянок у клубе і толькі, але ж вельмі высока. А сцены звонку нібы аднаўляліся не так і даўно, колер шэры і паверхня шурпатая, такі казённы вайсковы стыль. Што тут было?

Кармеліцкі касцёл у Мсціслаўле Вось так няшмат пабачыўшы даехалі да Мсціслаўля. Горад гэты ляжыць на гарах, некаторыя вуліцы вельмі крута ідуць уніз, зімой не ўз'ехаць, таму ўжо летам праз колькі метраў уздоўж вуліцы ў лазовых кошыках насыпаны пясок. Спадабаўся мне цэнтр горада, у якім і захаваліся старажытнасці. Пабачылі баракальны кармеліцкі касцёл 1614 года, які знакаміт цудам ацалелымі фрэскамі "Разня Трубяцкога", якія зараз трохі сарамліва называюць "Забойства ксяндзоў", прысвечаныя той, мабыць самай страшнай вайне Вялікага княства Літоўскага з Расіяй 1654-67 гг., калі страціла яно больш за палову насельніцтва, Мсліслаў быў спалены, замак разбураны, насельніцтва выразана войскам князя Трубяцкога, а імперская адміністрацыя праз сто з лішкам гадоў недагледзела і фрэскі не забяліла. Касцёл нібыта рэстаўруецца, але грошай небагата, кажуць, і праца не кіпіць. У яшчэ горшым стане касцёл Міхаіла Архангела пры былым езуіцкім калегіюме, які пабудаваны ў 1616 годзе, потым перабудоўваўся ў стылі больш позняга барока, потым аддадзены праваслаўным, потым пад клуб. Насупрць яго будынак былой гарадской мужчынскай гімназіі пачатку 20-га стагоддзя ў стылі эклектыкі, вакол яго захаваліся рэшткі парку. Затое царква Аляксандра Неўскага, пабудаваная на рэштках бернардзінскага касцёла добра адрамантаваная, ёй, праўда, гадоў толькі 130. А на браме надпіс: "Боже, храни Россию", не больш і не менш, на Русь і то не згадзіліся. Расію...

Зусім заблыталіся, калі выязджалі з горада, каб трапіць у Пустынкі, адно з найбольш цікавых месц гэтага падарожжа. Рэшткі званіцы Успенскага сабору ў ПустынкахУ выніку па нейкіх прасёлках, потым увогуле праз поле па сцежцы з пяску, побач з нейкай вымерлай ?(амаль новыя цагляныя дамы стаяць, нікога няма, у полі стары кінуты камбайн - ламочча) вёскай выбіліся на вельмі добрую заасфальтаваную дарогу, якой няма на мапе. І тут проста у зарасніку кустоў'я і дрэўцаў збоку дарогі - вялікая вежа! Знайшлі і парадны ўезд у гэты зараз закінуты старажытны манастыр - горад. Заклаў яго па паданнях той жа Лугвен (сын вялікага князя Альгерда) у 14 стагоддзі. Ён аслеп і яму старцы параілі прамыць вочы з гаючай крыніцы ў пустыні, прамыў і пабачыў ікону Божай Маці на галінках ліпы, у яе гонар пабудаваў тут першую драўляную царкву, побач з якой і паўстаў манастыр. А цудоўная крынічка б'ець і дасёння пад стромкім схілам гары, на якой захаваліся шматлікія манастырскія будынкі: галоўны Успенскі сабор, пабудаваны на мяжы 18 і 19 стагоддзяў у стылі класіцызму, калі манастыр быў уніяцкім, Пакроўская царква 1860 г. , высокая вежа - званіца 19 ст., келейныя карпусы, стайні, гаспадарчыя будынкі. Рэшткі манастырскіх будынкаў у ПустынкахЛёс манастыра ў 20-м стагоддзі трагічны: манастыр стаўшы праваслаўным пасля скасавання вуніі занепаў, потым ў 60-х гадах 19-га стагоддзя пачаў адбудоўвацца, але к пачатку 20-га стагоддзя зноў заняпаў, а пасля рэвалюцыі зачынены, да вайны, у вайну і нейкі час пасля яе тут месціўся дзіцячы дом, потым належаў мясцоваму калгасу і з канца 80-х зусім нікому не патрэбы "прывідны манастыр" руйнуецца. Бачна, праўда, што людзі сюды прыязджаюць паглядзець, сустрэлі некалькіх падлеткаў - падарожнікаў на роварах. Зараз так шмат будуецца новых цэркваў, што грыбоў, а вось гэткія цуды, асвячоныя часам і гісторыяй не патрэны царкве? А увогуле Пустынкі вартыя таго, каб прыехаць на іх паглядзець. Былы ўніяцкі храм у СяльцахНазад у Мсціслаўль ехалі па знойдзенай шашы і перад прыгараднай вёскай бачым шлагбаўм, з надпісаў вынікае, што мы з Расіі едзем! Вось так знянацку ў іншай дзяржаве пабылі. Але ніхто нас на памежжы не затрымаў (нікога і не было бачна) і мы шчасліва вярнуліся на Радзіму. Яшчэ праехаліся па цудоўных гарах Мсціслаўля і павярнулі ў абратную дарогу. Вярталіся ўздоўж Сожа. У Сяльцы (раней Ануфрыева) стаіць (ледзьве!) былы ўніяцкі храм аднавежавы у стылі позьняга барока канца 18 ст. Перад уніяй і пасля яе тут быў тым жа Лугвенам (па паданнях) заснаваны ў 14 ст. Свята-Ануфрыеўскі манастыр. А зараз зусім руіна, страшна побач стаяць.

Палац Пацёмкіна ў Крычаве У Крычаве палац Пацёмкіна (Кацярына Другая, далучыўшы Вялікае княства да імперыі, землі і маёнткі раздавала тут направа і налева!) ў стылі неаготыкі весь зачынены: і окны і дзверы закладзены цэглай і дошкамі, пэўна ў чаканні лепшых часоў. У Слаўгарадзе (былым Прапойску) прыгожая царква Раства Багародзіцы ў стылі класіцызму канца 18 ст. Ёсць думкі, што фрэскі, якіх тут пад 60, маляваў Баравікоўскі. За царквой спускаецца да ракі стары парк, рака, што праўда, зусім перасохла, пэўна нейкі прыток Сожа змялеў. Цікава, што так шмат класіцызму ў архітэктуры гэтых мясцін, адчуваецца, што край першым быў далучаны да імперыі і спаўна прасякнуты яе воляй.

Капліца-помнік у Лясной прысвечаны перамоге рускага войска над шведамі ў 1706 годзе Апошняя кропка - пасёлак Лясная, дзе ў 1706 годзе рускае войска разбіла шведаў, а праз 200 год тут пабудавалі капліцу і помнік. Бронзавы арол топча швецкі сцяг. Капліцу браліся рамантаваць гадоў колькі таму, але ўжо і частка рыштаванняў згарэла, рамонт прыпыніўся.

Ад Лясной да Быхава вярталіся праз зону, з якой адселена некалькі вёсак з-за высокай забруджанасці радыяцыяй. Паклалі добры асфальт, можна ехаць хутка. Вечар, кінутыя вёскі, нікога навокал, такое пранізліва-шчымлівае адчуванне закінутасці, незваротнасці... і чаканне нечага прывідна-страшнага, кінгаўскага. Вось колькі ўжо месцаў на Беларусі нагадваюць мне кнігі Стівена Кінга! Але на мяжы закінутай зоны пасвяцца каровы і ў наступнай вёсцы (км 5, не болей) на вуліцы дзеці гуляюць, працягваецца жыццё так ці інакш.


Студзень 2003 годаМарына Зыкава, фотаздымкi мужа

Bottom bar
Домой!